Бц 15
1 Пасьля гэтых падзеяў было слова ГОСПАДА да Абрама ў відзежы, кажучы: “Ня бойся, Абраме! Я – шчыт твой, узнагарода твая вельмі вялікая”.
2 І сказаў Абрам: “Уладару ГОСПАДЗЕ, што Ты дасі мне? Я хаджу бязьдзетны, і распарадчык ў доме маім — Эліезэр з Дамаску”.
3 І сказаў Абрам: “Вось, ня даў Ты мне насеньня. І вось, народжаны ў доме маім [слуга] будзе спадкаемцам маім”.
4 І вось, слова ГОСПАДА да яго, кажучы: “Ня ён успадкаеміць цябе, але той, які выйдзе з нутра твайго, успадкаеміць цябе”.
5 І вывеў яго вонкі, і сказаў: “Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі зможаш палічыць іх”. І сказаў яму: “Такім будзе насеньне тваё”.
6 І паверыў ён ГОСПАДУ, і Ён залічыў гэта яму за праведнасьць.
7 І сказаў яму: “Я – ГОСПАД, Які вывеў цябе з Уру Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ў валоданьне”.
8 А ён сказаў: “Уладару ГОСПАДЗЕ, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?”
9 І [Госпад] сказаў яму: “Вазьмі Мне трохгадовую цялушку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, турка і галубянятка”.
10 І [Абрам] узяў ўсё гэта, і расьцяў іх уздоўж, і паклаў кожную частку адну насупраць другой, але птушак не расьцінаў.
11 І зьляцеліся драпежныя птушкі на гэтае мяса, і Абрам адганяў іх.
12 І сталася, калі сонца заходзіла, моцны сон ахапіў Абрама. І вось жах і цемра вялікая ахапілі яго.
13 І сказаў [Госпад] Абраму: “Ведаючы, ведай, што насеньне тваё будзе прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і будуць служыць яны, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў.
14 Але з народам, якому будуць яны служыць, Я буду змагацца, і пасьля таго выйдуць яны з вялікай маёмасьцю.
15 А ты пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, і будзеш пахаваны ў добрай старасьці.
16 І ў чацьвёртым пакаленьні яны вернуцца сюды, бо яшчэ не дапоўнілася мера беззаконьняў Амарэяў”.
17 І сталася, калі зайшло сонца і была цемра, вось, дым, як бы з печы, і полымя агню прайшлі між расьцятымі жывёламі.
18 У той дзень заключыў ГОСПАД з Абрамам запавет, кажучы: “Я даю гэтую зямлю насеньню твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат:
19 Кенэяў, Кенэзэяў, Кадманеяў,
20 Хетаў, Пэрэзэяў, Рэфаімаў,
21 Амарэяў, Хананейцаў, Гіргашэяў і Евусеяў”.