Гебр 8
 1  А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,   
 2  служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, які паставіў Госпад, а не чалавек.   
 3  Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.   
 4  Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары,   
 5  якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары».   
 6  А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.   
 7  Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.   
 8  Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,   
 9  не паводле запавету, які Я зрабіў з бацькамі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.   
 10  Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.   
 11  І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.   
 12  Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».   
 13  Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.