Ян 6
1 Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.
2 І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.
3 І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4 А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.
5 Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»
6 Казаў жа Ён гэта, спакушаючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
7 Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьці дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».
8 Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
9 «Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»
10 Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.
12 Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».
13 Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
14 Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».
15 Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін.
16 Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора
17 і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх.
18 А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.
19 Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся.
20 Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!»
21 Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі.
22 На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
23 Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад.
24 Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
25 І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»
26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся.
27 Працуйце ж не дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
28 Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?»
29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
30 Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?
31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”».
32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба,
33 бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету».
34 Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб».
35 Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце.
37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч,
38 бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
39 А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень.
40 Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень».
41 Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў»,
42 і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?»
43 Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою.
44 Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
45 Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
46 Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца.
47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
48 Я — хлеб жыцьця.
49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.
50 Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ.
51 Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету».
52 І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?»
53 Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.
54 Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
55 Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.
56 Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне.
58 Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі».
59 Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме.
60 Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?»
61 Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае?
62 А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
63 Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
64 Але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, што ня вераць, і хто выдасьць Яго.
65 І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім».
66 З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?»
68 Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
69 І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
70 Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал».
71 Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.