Ян 12
 1  За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.   
 2  Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім.   
 3  Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра.   
 4  Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго:   
 5  «Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»   
 6  Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што [туды] кідалі.   
 7  Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго,   
 8  бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды».   
 9  Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.   
 10  А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара,   
 11  бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзілі і паверылі ў Ісуса.   
 12  На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім,   
 13  і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!»   
 14  Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:   
 15  «Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці».   
 16  Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму.   
 17  Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых.   
 18  Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак.   
 19  Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім».   
 20  Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята.   
 21  Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса».   
 22  Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу.   
 23  А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.   
 24  Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду.   
 25  Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.   
 26  Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец.   
 27  Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.   
 28  Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю».   
 29  Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».   
 30  Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.   
 31  Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч.   
 32  І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе».   
 33  Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.   
 34  Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»   
 35  Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.   
 36  Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх.   
 37  Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго,   
 38  каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?»   
 39  Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая:   
 40  «Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх».   
 41  Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго.   
 42  Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі,   
 43  бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.   
 44  А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.   
 45  І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.   
 46  Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры.   
 47  І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.   
 48  Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;   
 49  бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць.   
 50  І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец, каб Я гаварыў».