Ян 15
 1  Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.   
 2  Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.   
 3  Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам.   
 4  Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне.   
 5  Я — вінаградная лаза, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога.   
 6  Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць.   
 7  Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам.   
 8  У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі.   
 9  Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй.   
 10  Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.   
 11  Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.   
 12  Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.   
 13  Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за сяброў сваіх.   
 14  Вы — сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам.   
 15  Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам.   
 16  Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.   
 17  Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.   
 18  Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.   
 19  Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.   
 20  Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць.   
 21  Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.   
 22  Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.   
 23  Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.   
 24  Калі б Я не ўчыніў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.   
 25  Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”.   
 26  Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.   
 27  І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.