ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ   
 Лк 1
 1  Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся,   
 2  як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова,   
 3  надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю,   
 4  каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны.   
 5  Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета.   
 6  Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна.   
 7  І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх.   
 8  І сталася, калі ў парадку свае чаргі ён спаўняў сьвятарскі абавязак перад Богам,   
 9  выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву.   
 10  І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня.   
 11  І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.   
 12  І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.   
 13  Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.   
 14  І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага.   
 15  Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.   
 16  І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.   
 17  І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».   
 18  І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых».   
 19  І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.   
 20  І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».   
 21  І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы.   
 22  А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы.   
 23  І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.   
 24  Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы:   
 25  «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі».   
 26  А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,   
 27  да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давідавага; а імя дзяўчыны — Марыя.   
 28  І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».   
 29  Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.   
 30  І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.   
 31  І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.   
 32  Ён будзе вялікі, і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага,   
 33  і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».   
 34  А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»   
 35  І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца.   
 36  Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.   
 37  Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».   
 38  І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.   
 39  Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы,   
 40  і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.   
 41  І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.   
 42  І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго.   
 43  І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?   
 44  Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім.   
 45  І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».   
 46  І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада,   
 47  і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,   
 48  бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні,   
 49  бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго,   
 50  і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго.   
 51  Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга;   
 52  скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных,   
 53  галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым.   
 54  Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць,   
 55  як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».   
 56  Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.   
 57  А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.   
 58  І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю.   
 59  І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям.   
 60  І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам».   
 61  І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем».   
 62  І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.   
 63  І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся.   
 64  І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.   
 65  І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай.   
 66  І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпадава была з ім.   
 67  І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы:   
 68  «Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму],   
 69  і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,   
 70  як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку,   
 71  збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас,   
 72  учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой,   
 73  прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам   
 74  бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых,   
 75  служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.   
 76  І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму,   
 77  даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх,   
 78  праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні,   
 79  зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою».   
 80  А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.