Мц 8
 1  Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы.   
 2  І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».   
 3  І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй.   
 4  І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім».   
 5  Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго   
 6  і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца».   
 7  І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго».   
 8  І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.   
 9  Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць».   
 10  Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.   
 11  Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным,   
 12  а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў».   
 13  І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.   
 14  І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.   
 15  І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім.   
 16  Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў,   
 17  каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы».   
 18  Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок.   
 19  І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».   
 20  І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць».   
 21  А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго».   
 22  Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».   
 23  І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя.   
 24  І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў.   
 25  І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!»   
 26  І кажа ім: «Чаго вы палохаецеся, малаверы?» Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша.   
 27  А людзі зьдзіўляліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»   
 28  І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.   
 29  І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?»   
 30  Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў.   
 31  А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіняў».   
 32  І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе.   
 33  А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам.   
 34  І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх.