Мц 12
 1  У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.   
 2  А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: «Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу».   
 3  Ён жа сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім?   
 4  Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам?   
 5  Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя?   
 6  Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню.   
 7  Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных.   
 8  Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».   
 9  І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю.   
 10  І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»   
 11  Ён жа сказаў ім: «Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне?   
 12  Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро».   
 13  Тады кажа таму чалавеку: «Выцягні руку тваю!» І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.   
 14  А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць.   
 15  Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх.   
 16  І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго,   
 17  каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:   
 18  «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.   
 19  Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.   
 20  Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.   
 21  І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».   
 22  Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць.   
 23  І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: «Ці ня гэта Сын Давідаў?»   
 24  А фарысэі, пачуўшы, казалі: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў».   
 25  А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.   
 26  І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае?   
 27  І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі.   
 28  А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае.   
 29  Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.   
 30  Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае.   
 31  Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям.   
 32  І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.   
 33  Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў.   
 34  Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны.   
 35  Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое.   
 36  Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду.   
 37  Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».   
 38  Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: «Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак».   
 39  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.   
 40  Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.   
 41  Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну.   
 42  Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона.   
 43  Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць.   
 44  Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.   
 45  Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым».   
 46  Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім.   
 47  А нехта сказаў Яму: «Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою».   
 48  Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: «Хто маці Мая, і хто браты Мае?»   
 49  І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.   
 50  Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці».