Мц 15
 1  Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:   
 2  «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб».   
 3  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?   
 4  Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.   
 5  А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',   
 6  той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.   
 7  Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:   
 8  “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.   
 9  Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».   
 10  І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:   
 11  Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».   
 12  Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»   
 13  Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.   
 14  Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».   
 15  Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».   
 16  А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія?   
 17  Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?   
 18  А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека,   
 19  бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.   
 20  Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».   
 21  І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.   
 22  І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»   
 23  А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».   
 24  Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».   
 25  А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».   
 26  Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».   
 27  А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».   
 28  Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.   
 29  І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.   
 30  І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,   
 31  так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.   
 32  А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».   
 33  І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»   
 34  І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».   
 35  І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.   
 36  І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.   
 37  І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.   
 38  А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.   
 39  І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.