ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА   
 Мк 1
 1  Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.   
 2  Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.   
 3  Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».   
 4  Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.   
 5  І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.   
 6  І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.   
 7  І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.   
 8  Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».   
 9  І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.   
 10  І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа як галуба, што зыходзіў на Яго.   
 11  І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».   
 12  І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.   
 13  І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.   
 14  А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага   
 15  і кажучы, што споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце Эвангельлю!»   
 16  І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.   
 17  І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».   
 18  І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.   
 19  І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.   
 20  І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.   
 21  І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.   
 22  І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.   
 23  І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,   
 24  кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»   
 25  Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»   
 26  І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.   
 27  І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»   
 28  І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.   
 29  І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.   
 30  Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.   
 31  І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.   
 32  А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;   
 33  і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.   
 34  І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.   
 35  І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.   
 36  І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],   
 37  і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».   
 38  А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».   
 39  І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.   
 40  І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».   
 41  Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны.   
 42  І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.   
 43  І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,   
 44  і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».   
 45  Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.