Мк 4
 1  І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.   
 2  І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у Сваёй навуцы:   
 3  «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.   
 4  І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.   
 5  Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;   
 6  а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.   
 7  А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.   
 8  А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, і адно сто».   
 9  І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».   
 10  Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.   
 11  І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,   
 12  каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».   
 13  І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?   
 14  Сейбіт слова сее.   
 15  Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.   
 16  Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,   
 17  але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.   
 18  А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,   
 19  але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.   
 20  А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — сто».   
 21  І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?   
 22  Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.   
 23  Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».   
 24  І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.   
 25  Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».   
 26  І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.   
 27  І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.   
 28  Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.   
 29  Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».   
 30  І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?   
 31  Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;   
 32  а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго».   
 33  І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,   
 34  і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.   
 35  І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».   
 36  І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.   
 37  І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].   
 38  А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»   
 39  І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.   
 40  І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»   
 41  І яны спалохаліся страхам вялікім і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»