Мк 6
 1  І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.   
 2  І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?   
 3  Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся з Яго.   
 4  А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».   
 5  І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.   
 6  І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.   
 7  І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.   
 8  І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,   
 9  але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.   
 10  І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.   
 11  І калі хто ня прыме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».   
 12  І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,   
 13  і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.   
 14  І пачуў валадар Ірад [пра Яго], бо імя Ягонае сталася ведамым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».   
 15  Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».   
 16  Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».   
 17  Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.   
 18  Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».   
 19  А сама Ірадыяда злавала на яго і хацела яго зьнішчыць, але не магла,   
 20  бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.   
 21  І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды сваіх урадзін справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,   
 22  дачка Ірадыяды ўвайшла і таньчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».   
 23  І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».   
 24  Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».   
 25  І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».   
 26  І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.   
 27  І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго.   
 28  Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.   
 29  І, пачуўшы [пра гэта], вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.   
 30  І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.   
 31  І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.   
 32  І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.   
 33  І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.   
 34  І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.   
 35  І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.   
 36  Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць што есьці».   
 37  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»   
 38  Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».   
 39  І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.   
 40  І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.   
 41  І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.   
 42  І елі ўсе, і наеліся.   
 43  І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.   
 44  А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.   
 45  І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.   
 46  І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.   
 47  І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.   
 48  І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.   
 49  Яны, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.   
 50  Усе бо бачылі Яго, і стрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»   
 51  І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,   
 52  бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.   
 53  І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.   
 54  І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,   
 55  абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.   
 56  І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.