Разьдзел 2
 1  Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,   
 2  прыхіляючы вуха сваё да мудрасьці і схіляючы сэрца сваё да разважлівасьці,   
 3  калі вось клікаць будзеш розум і голас свой уздымеш, заклікаючы развагу,   
 4  калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,   
 5  тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.   
 6  Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.   
 7  Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.   
 8  Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.   
 9  Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны добры шлях,   
 10  калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.   
 11  Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,   
 12  каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,   
 13  ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,   
 14  якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,   
 15  у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,   
 16  каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што лісьліва гаворыць,   
 17  якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.   
 18  Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;   
 19  усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.   
 20  Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,   
 21  бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.   
 22  А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.