Разьдзел 5
 1  Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,   
 2  каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.   
 3  Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,   
 4  але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.   
 5  Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.   
 6  Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.   
 7  Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.   
 8  Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,   
 9  каб не аддаць годнасьці сваёй іншым і гадоў сваіх — бязьлітаснаму,   
 10  каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.   
 11  І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.   
 12  І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.   
 13  Ня слухаў я голасу настаўнікаў сваіх, і не прыхіляў я вуха свайго да тых, што вучылі мяне.   
 14  Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады? і народу!»   
 15  Пі ваду са сваёй крыніцы, тую, што цячэ з твайго калодзежу.   
 16  Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?   
 17  Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.   
 18  Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.   
 19  Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, ейныя грудзі няхай поюць цябе ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.   
 20  Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?   
 21  Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.   
 22  Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.   
 23  Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.