Разьдзел 12
 1  Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.   
 2  Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.   
 3  Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.   
 4  Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.   
 5  Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.   
 6  Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.   
 7  Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.   
 8  Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.   
 9  Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.   
 10  Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.   
 11  Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.   
 12  Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].   
 13  Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.   
 14  З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.   
 15  Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.   
 16  Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.   
 17  Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць.   
 18  Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць.   
 19  Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.   
 20  Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.   
 21  Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.   
 22  Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.   
 23  Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.   
 24  Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.   
 25  Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.   
 26  Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.   
 27  Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.   
 28  На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.