Разьдзел 17
 1  Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.   
 2  Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сы?нам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.   
 3  Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.   
 4  Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.   
 5  Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу яго, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.   
 6  Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.   
 7  Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.   
 8  Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.   
 9  Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.   
 10  Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.   
 11  Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.   
 12  [Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў яго неразумнасьці.   
 13  Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.   
 14  Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].   
 15  Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.   
 16  Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?   
 17  Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.   
 18  Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.   
 19  Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.   
 20  Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.   
 21  Хто нараджае неразумнага, — на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.   
 22  Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косьці.   
 23  Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.   
 24  Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.   
 25  Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.   
 26  Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.   
 27  Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.   
 28  Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.