Разьдзел 26
 1  Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.   
 2  Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.   
 3  Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.   
 4  Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.   
 5  Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.   
 6  Падцінае сабе ногі і п’е сваю шкоду той, хто праз рукі дурня слова пасылае.   
 7  Няроўныя ногі кульгавага, таксама пры?казка ў вуснах дурня.   
 8  Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.   
 9  Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.   
 10  Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.   
 11  Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.   
 12  Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.   
 13  Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»   
 14  Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.   
 15  Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.   
 16  Гультай мудрэйшы ў сваіх вачах за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.   
 17  Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.   
 18  Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,   
 19  так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».   
 20  Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.   
 21  Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.   
 22  Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.   
 23  Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.   
 24  Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.   
 25  Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.   
 26  [Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.   
 27  Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.   
 28  Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.