Пс 6
 1  Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах, на актаву. Псальм Давіда.   
 2  ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!   
 3  Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я нядужы; аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, бо спалоханыя косткі мае,   
 4  і душа мая вельмі спалоханая. О, ГОСПАДЗЕ, дакуль?   
 5  Павярніся, ГОСПАДЗЕ, выратуй душу маю, збаў мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!   
 6  Бо ў сьмерці няма памяці пра Цябе, і ў пекле хто будзе славіць Цябе?   
 7  Я замарыўся ад уздыханьня майго; штоноч паліваю я ложак мой, сьлязамі паліваю пасьцель маю.   
 8  Ад тугі высахла вока маё, састарэлася дзеля ўсіх, хто ўціскае мяне.   
 9  Адступіцеся ад мяне, ўсе злачынцы, бо ГОСПАД пачуў голас плачу майго.   
 10  ГОСПАД пачуў маленьне маё, ГОСПАД прыняў малітву маю.   
 11  Няхай будуць асаромленыя ворагі мае і моцна спалоханыя, няхай павернуцца назад і імгненна будуць асаромленыя.