Пс 8
 1  Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Псальм Давіда.   
 2  ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы!   
 3  З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты заснаваў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу.   
 4  Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў,   
 5  я думаю: “Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?   
 6  Ня шмат Ты паменшыў яго перад анёламі*, і славай і веліччу ўкаранаваў Ты яго,   
 7  і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:   
 8  авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых,   
 9  птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі.   
 10  ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!