Пс 55
 1  Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда.   
 2  Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго!   
 3  Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу   
 4  ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною.   
 5  Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне;   
 6  страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне.   
 7  І я сказаў: “Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў!   
 8  Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні. (Сэлях)   
 9  Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай!   
 10  Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе.   
 11  Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго.   
 12  Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада.   
 13  Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта] — ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічаецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся,   
 14  але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой,   
 15  з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у дом Божы хадзілі у грамадзе.   
 16  Няхай зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім.   
 17  А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне.   
 18  Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой.   
 19  Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне.   
 20  Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях.) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога,   
 21  руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой;   
 22  гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя.   
 23  Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік.   
 24  І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся!