Пс 59
 1  Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць.   
 2  Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.   
 3  Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых.   
 4  Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ!   
 5  Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі!   
 6  Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях)   
 7  Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.   
 8  Вось, пена [спадае] з іхніх вуснаў, у губах іхніх — мячы, бо хто гэта чуе?   
 9  Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў!   
 10  Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой!   
 11  Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі.   
 12  Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш!   
 13  Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай злоўлены будуць у фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, што абвяшчаюць.   
 14  Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях)   
 15  Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.   
 16  Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць.   
 17  А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго.   
 18  Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!