Пс 62
 1  Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда.   
 2  Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё.   
 3  Толькі Ён – скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся.   
 4  Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе [хочаце] забіць [яго], як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца.   
 5  Яны толькі і радзяцца, як скінуць [яго] з высакосьці; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях)   
 6  Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё.   
 7  Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся.   
 8  У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу.   
 9  На Яго спадзявайся ў кожную часіну, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях)   
 10  Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — няпраўда; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць!   
 11  Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце!   
 12  Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога.   
 13  І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.