Пс 66
 1  Кіраўніку хору. Сьпеў. Псальм. Радасна гукай для Бога, уся зямля!   
 2  Выслаўляйце славу імя Ягонага, узносьце славу і хвалу Яму!   
 3  Кажыце да Бога: “Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля вялікасьці моцы Тваёй падпарадкоўваюцца Табе ворагі Твае.   
 4  Уся зямля паклоніцца Табе і будзе выслаўляць Цябе, будзе выслаўляць імя Тваё. (Сэлях)   
 5  Хадзеце і паглядзіце на дзеі Бога, страшнага ў дзеях [Сваіх] адносна сыноў чалавечых.   
 6  Ён перамяніў мора ў сухазем’е, праз раку перайшлі пехатою; там радаваліся мы ў Ім!   
 7  Ён пануе ў магутнасьці Сваёй на вякі; вочы Ягоныя сочаць за народамі, каб бунтаўнікі не вывышаліся перад Ім. (Сэлях)   
 8  Дабраслаўляйце, народы, Бога нашага, і няхай будзе чутны голас хвалы Ягонай.   
 9  Ён дараваў жыцьцё душы нашай і ня даў пахіснуцца назе нашай.   
 10  Бо Ты выспрабаваў нас, Божа! Ачысьціў нас, як ачышчаецца срэбра.   
 11  Ты ўвёў нас у пастку, сьціснуў цяжкімі путамі сьцёгны нашыя.   
 12  Ты пасадзіў чалавека на галовы нашыя; мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас на прастор.   
 13  Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, споўню Табе абяцаньні мае,   
 14  якія прамовілі губы мае, і сказаў я вуснамі маімі ў бядзе маёй.   
 15  Цэласпаленьні з тлустых [авечак] прынясу Табе з дымам баранаў; дам [Табе] валоў і казлоў. (Сэлях)   
 16  Хадзеце, паслухайце, і я раскажу ўсім, хто Бога баіцца, што Ён учыніў для душы маёй.   
 17  Да Яго я клікаў вуснамі маімі, і ўзьвялічваньне было на языку маім.   
 18  Калі б я глядзеў на нягоднае ў сэрцы маім, Госпад мяне б не пачуў!   
 19  Але Бог пачуў і зьвярнуў увагу [Сваю] на голас малітвы маёй.   
 20  Дабраслаўлёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і міласэрнасьці Сваёй [не пазбавіў мяне]!