Пс 86
 1  Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны.   
 2  Захавай душу маю, бо я багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца.   
 3  Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень.   
 4  Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю.   
 5  Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць.   
 6  Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго!   
 7  У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне.   
 8  Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае.   
 9  Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца прад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё.   
 10  Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін.   
 11  Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; з’яднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго.   
 12  Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі.   
 13  Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла.   
 14  Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны.   
 15  Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду.   
 16  Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй!   
 17  Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.