Пс 89
1 Навучаньне Этана Эзрахі.
2 Пра міласэрнасьць ГОСПАДА буду сьпяваць вечна; з пакаленьня ў пакаленьне буду апавядаць пра вернасьць Тваю вуснамі маімі.
3 Бо я сказаў: “Навечна збудаваная міласэрнасьць, на нябёсах Ты ўгрунтаваў вернасьць Тваю”.
4 “Я заключыў запавет Мой з выбранцам Маім, прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5 На вякі ўгрунтую насеньне тваё, збудую пасад твой з пакаленьня ў пакаленьне. (Сэлях)
6 І нябёсы славяць цуды Твае, ГОСПАДЗЕ, і вернасьць Тваю — у зграмаджэньні сьвятых.
7 Бо хто параўнаецца ў аблоках з ГОСПАДАМ? Хто падобны да ГОСПАДА сярод сыноў Божых?
8 Бог гэтак страшлівы на нарадзе сьвятых, і страшны для ўсіх, што вакол Яго.
9 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, хто гэтакі моцны, як Ты, ГОСПАДЗЕ? І вернасьць Твая навакол Цябе.
10 Ты пануеш над узьнёсласьцю мора, і калі хвалі ўздымаюцца, Ты іх сьцішаеш.
11 Ты скрышыў Рагава, быццам параненага; рамяном моцы Тваёй Ты раскідаў ворагаў Тваіх.
12 Тваё ёсьць неба, і Твая — зямля; сусьвет і ўсё, што ў ім, Ты заснаваў.
13 Поўнач і поўдзень — Ты іх стварыў; Табор і Гермон радуюцца дзеля імя Твайго.
14 Рамяно Тваё магутнае; рука Твая дужая, ўзьнятая правіца Твая.
15 Праведнасьць і суд — падставы пасаду Твайго; міласэрнасьць і праўда ідуць перад абліччам Тваім.
16 Шчасьлівы народ, які ведае трубны голас Твой. ГОСПАДЗЕ, яны ходзяць ў сьвятле аблічча Твайго!
17 У іменьні Тваім будуць радавацца яны ўвесь дзень, і праведнасьцю Тваёй будуць узвышаны.
18 Бо Ты — краса сілы іхняй, і праз ласку Тваю ўзьняты рог наш.
19 Бо ад ГОСПАДА шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраіля валадар наш.
20 Тады гаворачы у відзежы да багабойнага Твайго, Ты сказаў: “Я даў успамогу волату, узвысіў юнака з народу.
21 Знайшоў Я Давіда, слугу Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
22 Рука Мая ўмацуе яго, і плячо Маё ўзмоцніць яго.
23 Не пераможа вораг яго, і сын беззаконьня не асіліць яго.
24 І скрышу перад абліччам ягоным тых, што прыгнятаюць яго, а тых, што ненавідзяць яго, павалю.
25 І будзе вернасьць Мая і міласэрнасьць Мая з ім, і ў імя Маё ўзьнясецца рог ягоны.
26 І палажу руку ягоную на мора, а правіцу ягоную — на рэках.
27 Ён будзе клікаць Мяне: “Ты — Бацька Мой, Ты — Бог мой і скала збаўленьня майго!”
28 Я зраблю яго першародным, найвышэйшым між валадароў зямлі.
29 Навякі захоўваючы, захаваю для яго міласэрнасьць Маю, і запавет Мой з ім будзе верным.
30 І зраблю, што насеньне ягонае будзе трываць вечна, і пасад ягоны — як дні нябёсаў.
31 Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой і ня будуць хадзіць паводле судоў Маіх,
32 калі парушаць пастановы Мае і прыказаньняў Маіх ня будуць захоўваць,
33 Я наведаю правіны іхнія з кіем, і карамі беззаконьні іхняе,
34 але міласэрнасьці Маёй не забяру ў яго, і вернасьці Маёй ня здраджу.
35 Не парушу Я запавету Майго і таго, што выйшла з вуснаў Маіх, не зьмяню.
36 Раз Я пакляўся ў сьвятасьці Маёй, што не схлушу Давіду.
37 Насеньне ягонае будзе на вякі, і пасад ягоны — як сонца перада Мною.
38 Як месяц будзе умацаваны ён на вякі, а сьведка ў небе — верны. (Сэлях)
39 Але Ты пакінуў і пагрэбаваў, адвярнуўся ад памазанца Твайго!
40 Ты пагардзіў запаветам са слугою Тваім, кінуў на зямлю дыядэму ягоную.
41 Ты збурыў усе загарадкі ягоныя, прывёў загубу ў замкі ягоныя.
42 Усе, што праходзілі дарогаю, рабавалі яго; ён стаўся ганьбаю для суседзяў сваіх.
43 Ты ўзьняў правіцы тых, што перасьледавалі яго, і ўзрадаваў ўсіх ворагаў ягоных.
44 Ты назад павярнуў джала мяча ягонага і ня даў перамогі ў вайне,
45 Ты прыбраў бляск ягоны і пасад яго паваліў на зямлю.
46 Ты скараціў дні моладасьці ягонай, ганьбай пакрыў яго. (Сэлях)
47 Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды Ты будзеш хавацца? Ці будзе палаць як агонь ярасьць Твая?
48 Узгадай, які век мой, якой марнасьцю Ты стварыў ўсіх сыноў чалавечых!
49 Хто з людзей можа жыць і ня ўгледзіць сьмерці? Хто выбавіць душу сваю з рукі пекла? (Сэлях)
50 Дзе, Госпадзе, даўнейшая міласэрнасьць Твая, як Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Тваёй!
51 Узгадай, Госпадзе, ганьбу слугаў Тваіх, што ў нутры я нашу ад усіх народаў шматлікіх,
52 якою зьневажаюць ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, якой зьневажаюць сьляды памазанца Твайго!
53 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД на вякі. Амэн! Амэн!