Пс 132
 1  Сьпеў узыходжаньня. Узгадай, ГОСПАДЗЕ, пра Давіда і ўсе беды ягоныя,   
 2  як ён прысягаў ГОСПАДУ, даваў абяцаньне Моцнаму Якубаваму:   
 3  “Не ўвайду ў намёт дому майго, не ўзыйду на пасьцель ложка майго,   
 4  ня дам вачам маім сну і павекам маім дрымоты,   
 5  пакуль не знайду месца для ГОСПАДА, сялібы для Моцнага Якубавага!”   
 6  Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Яару.   
 7  Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся перад падножжам стопаў Ягоных.   
 8  Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ў месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг моцы Тваёй!   
 9  Сьвятары Твае няхай апрануцца ў праведнасьць, і багабойныя Твае няхай радуюцца!   
 10  Дзеля Давіда, слугі Твайго, не адварочвай аблічча ад памазанца Твайго!   
 11  Прысягаў ГОСПАД Давіду праўду і не адступіцца ад яе: “Таго, [хто ёсьць] плод улоньня твайго, пасаджу на пасадзе тваім.   
 12  І калі сыны Твае будуць захоўваць запавет Мой і сьведчаньні Мае, якім буду навучаць іх, таксама сыны іхнія будуць вечна сядзець на пасадзе тваім”.   
 13  Бо ГОСПАД выбраў Сыён, пажадаў, [каб быў] сялібай для Яго, [кажучы]:   
 14  “Вось месца супачынку Майго вечна. Тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.   
 15  Дабраслаўляючы, дабраслаўлю здабытак ягоны, убогіх ягоных насычу хлебам.   
 16  І сьвятароў ягоных апрану ў збаўленьне, і багабойныя ягоныя, радуючыся, радавацца будуць.   
 17  Там Я ўзрашчу рог Давіду, там пастаўлю сьветач памазанцу Майму.   
 18  Ворагаў ягоных апрану ў ганьбу, а над ім расквітнее дыядэма”.