Пс 137
 1  Ля рэк Бабілёнскіх сядзелі мы там і плакалі, Сыён успамінаючы.   
 2  На вербах сярод яго мы павесілі нашыя гусьлі.   
 3  Бо там тыя, што нас паланілі, жадалі ад нас словаў песьні, і нішчыцелі нашыя — радасьці: “Засьпявайце нам нешта з песьняў Сыёнскіх!”   
 4  Як жа сьпяваць нам сьпеў ГОСПАДА ў чужой зямлі?   
 5  Калі я забудуся цябе, Ерусаліме, няхай забудзецца мяне правіца мая!   
 6  Няхай язык мой прыліпне да паднябеньня майго, калі я ня буду памятаць цябе, калі не ўзніму Ерусалім па-над найвышэйшую радасьць маю!   
 7  Прыгадай, ГОСПАДЗЕ, сынам Эдому дзень Ерусаліму, калі казалі яны: “Руйнуйце яго, руйнуйце аж да падвалінаў!”   
 8  Дачка Бабілёнская, ты будзеш зруйнаваная! Шчасьлівы той, хто адплаціць табе за тое, што ты нам зрабіла!   
 9  Шчасьлівы той, хто немаўлятаў тваіх схопіць і паб’е аб скалу.