Адкр 8
 1  І калі Ён адчыніў сёмую пячатку, сталася ціша ў небе недзе на паўгадзіны.   
 2  І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.   
 3  І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму шмат фіміяму, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам.   
 4  І ўзыйшоў дым фіміяму з малітвамі сьвятых з рукі анёла перад Богам.   
 5  І ўзяў анёл кадзільню, і напоўніў яе агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю; і сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус.   
 6  І сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб трубіць.   
 7  І першы анёл затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмяшаныя з крывёю, і былі кінутыя на зямлю; і трэцяя частка дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная згарэла.   
 8  І другі анёл затрубіў, і быццам гара вялікая, якая агнём палае, была кінутая ў мора; і трэцяя частка мора сталася крывёю,   
 9  і памерла трэцяя частка стварэньняў у моры, якія маюць душу, і трэцяя частка караблёў была зьнішчаная.   
 10  І трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарыць, як паходня, і ўпала на трэцюю частку рэкаў і на крыніцы водаў,   
 11  і імя зоркі называецца Палын; і трэцяя частка [водаў] сталася палынам, і шмат людзей памерла ад тых водаў, бо яны сталі горкімі.   
 12  І чацьвёрты анёл затрубіў, і былі пашкоджаная трэцяя частка сонца і трэцяя частка месяца і трэцяя частка зорак, каб трэцяя частка іх зацьмілася, і каб дзень не сьвяціў трэцюю частку сваю, і падобна ноч.   
 13  І ўбачыў я, і пачуў, як адзін анёл ляцеў пасярод неба і казаў вялікім голасам: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох анёлаў, якія маюць трубіць!»