Рым 10
1 Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне.
2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня.
3 Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай.
4 Бо канец Закону — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць.
5 Бо Майсей піша пра праведнасьць паводле Закону, што чалавек, які выканае яго, жыць будзе ім.
6 А праведнасьць праз веру гэтак кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыйдзе ў неба?”» — гэта ёсьць Хрыста зьвесьці [на зямлю];
7 або: «“Хто зыйдзе ў бездань?”» — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых вывесьці.
8 Але што кажа? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім», — гэта ёсьць слова веры, якое мы абвяшчаем.
9 Бо калі ты вуснамі тваімі прызнаеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены,
10 бо сэрца верыць дзеля праведнасьці, а вусны прызнаюць дзеля збаўленьня.
11 Бо Пісаньне кажа: «Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
12 Бо няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, што прызываюць Яго.
13 Бо кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены.
14 Але як прызываць Таго, у Каго ня вераць? А як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? Як чуць без таго, хто абвяшчае?
15 А як абвяшчаць, калі не былі пасланыя? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі таго, хто дабравесьціць супакой, дабравесьціць добрае!»
16 Але ня ўсе паслухаліся Эвангельля, бо Ісая кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»
17 Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Божае.
18 Але кажу: Ці ж яны ня чулі? Наадварот, «на ўсю зямлю пайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету — словы іхнія».
19 Але кажу: Ці ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: «Я збуджу ў вас рупнасьць праз [тых, хто] не народ, праз народ, які ня цяміць, раздражню вас».
20 А Ісая адважваецца і кажа: «Мяне знайшлі тыя, якія не шукалі Мяне, Я аб’явіўся тым, якія не пыталіся Мяне».
21 А наконт Ізраіля кажа: «Увесь дзень выцягваў Я рукі Мае да народу, які не скараецца і працівіцца».