Дз 27
1  А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлій.   
2  Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, Македонца з Тэсалонік,   
3  і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлій, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак.   
4  Вырушыўшы адтуль, мы прыплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя.   
5  І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх.   
6  Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.   
7  Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону.   
8  І, ледзьве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя.   
9  А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, радзіў Павал,   
10  кажучы ім: «Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых».   
11  А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Павал.   
12  А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.   
13  Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшыся, паплылі паўз Крыт.   
14  Неўзабаве наляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон.   
15  А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся, і нас панесла.   
16  Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен.   
17  Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся.   
18  А як бура крэпка кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары,   
19  а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак.   
20  А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і немалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца.   
21  А як мы доўга былі няеўшы, Павал, стаўшы пасярод, сказаў: «Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты.   
22  І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля.   
23  Бо стаў перада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу,   
24  і сказаў: “Ня бойся, Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”.   
25  Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана,   
26  і мы мусім быць выкінутыя на нейкі востраў».   
27  А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі.   
28  І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.   
29  І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня.   
30  А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу,   
31  Павал сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца».   
32  Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці.   
33  А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы.   
34  Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе».   
35  А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці.   
36  І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу.   
37  Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.   
38  Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.   
39  А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём.   
40  І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветры, кіраваліся да берагу.   
41  А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.   
42  Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк.   
43  Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю,   
44  а рэшце [плысьці] каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю.