Дз 3
1  Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.   
2  І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,   
3  убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.   
4  А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».   
5  Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.   
6  А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»   
7  І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,   
8  і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.   
9  І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.   
10  І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.   
11  А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.   
12  Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?   
13  Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.   
14  Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,   
15  а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.   
16  І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.   
17  І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,   
18  а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.   
19  Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,   
20  каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,   
21  і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.   
22  Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.   
23  І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.   
24  І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.   
25  Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.   
26  Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».