2 Кар 5
Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;
толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.
Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.
На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада»
бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,
дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,
і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;
10 бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.
11 І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням.
12 Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
13 Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
15 А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
16 Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
17 Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
18 А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19 таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
20 Вось мы - пасланыцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
21 Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.