Друг 14
1  Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,
2  бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.
3  Ня будзеш есьці нічога паганага.
4  Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,
5  алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.
6  І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.
7  Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.
8  І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.
9  З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.
10  А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.
11  Усіх птушак чыстых будзеце есьці.
12  Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,
13  каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,
14  і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,
15  страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,
16  пугача, ібіса і лебедзя,
17  пэлікана, сыча і рыбалова,
18  чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.
19  Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.
20  Усіх птушак чыстых будзеце есьці.
21  Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.
22  Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.
23  І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.
24  Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,
25  тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
26  і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.
27  І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.
28  Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.
29  І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.