Вых 20
1  I прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
2  «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
3  Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
4  Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока, і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
5  Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і аж да чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
6  і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
7  Ня будзеш ужываць імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае для марноты.
8  Памятай дзень супачынку, каб сьвяціць яго.
9  Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
10  а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць ніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служка твая, і жывёла твая, і прыхадзень твой, які ў брамах тваіх,
11  бо за шэсьць дзён зрабіў ГОСПАД неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і спыніўся ў дзень сёмы. Дзеля гэтага дабраславіў ГОСПАД дзень супачынку і асьвяціў яго.
12  Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
13  Ня будзеш забіваць [як забойца].
14  Ня будзеш чужаложыць.
15  Ня будзеш красьці.
16  Ня будзеш сьведчыць супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
17  Ня будзеш жадаць дому бліжняга твайго; ня будзеш жадаць жонкі бліжняга твайго, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
18  I ўвесь народ глядзеў на грымоты і бліскавіцы, і гук трубы, і гару, якая дымілася; і, глядзеў народ, і хістаўся, і стаяў здалёк.
19  I сказалі яны Майсею: «Ты прамаўляй да нас, і мы будзем слухаць; але няхай не прамаўляе да нас Бог, каб нам не памерці».
20  I сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, бо дзеля таго, каб выпрабаваць вас, прыйшоў Бог, і каб праз гэта страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі».
21  I стаяў народ здалёк, а Майсей наблізіўся да імглы, туды, дзе Бог.
22  I сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэтак скажаш сынам Ізраіля: “Вы бачылі, што Я з неба прамаўляў да вас.
23  Не рабіце побач са Мною багоў срэбных, і багоў залатых не рабіце сабе.
24  Ахвярнік з зямлі зрабі для Мяне, і ахвяруй на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, і авечак тваіх, і валоў тваіх. На кожнае месца, дзе Я ўзгадаю імя Маё, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
25  А калі ахвярнік з камянёў зробіш для Мяне, не будуй яго з чэсаных [камянёў], бо калі апрацуеш яго мячом сваім, апаганіш яго.
26  I ня будзеш узыходзіць па прыступках да ахвярніка Майго, каб не была адкрытая пры ім голасьць твая”.