Іс 15
1  Цяжар адносна Мааву. Бо апоўначы прападзе і будзе спустошаны Ар-Мааў; бо ўначы прападзе і будзе спустошаны Кір-Мааў.
2  Узыходзіць у сьвятыню, а Дывон — на ўзгоркі, каб плакаць; над Нэво і над Мэдэвай галосіць Мааў. На кожнай галаве ягонай — лысіна, і кожная барада абголеная.
3  На вуліцах ягоных апранутыя ў зрэбніцу, і на дахах ягоных і на плошчах ягоных усе галосяць, сьлязьмі заліваюцца.
4  Крычаць Хешбон і Элеале, аж у Ягацы чуцён голас іхні. Таму галосяць ваяры Мааву, і душа ягоная ў ім млее.
5  Сэрца маё крычыць пра Мааў, уцекачы ягоныя [ідуць] аж да Цаару, да Эглят-Шэлішыі, на ўзвышша Люхіт з плачам узыходзяць, бо на шляху ў Харанаім падымецца крык загубы!
6  Бо воды Німрыму спустошаны, бо высахла трава, зьнік мурог, зеляніны няма.
7  Дзеля таго робяць запасы, а маёмасьць пераносяць за ручай Аравім.
8  Бо крык атачае межы Мааву, аж да Эглаіму бедаваньне ягонае, і аж да Бээр-Эліму бедаваньне ягонае.
9  Бо воды Дымону поўныя крыві, бо Я пакладу на Дымон яшчэ [ліха] — ільва на ўцекачоў з Мааву і на рэшту зямлі.