Ёў 14
1  Чалавек, які народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывогаў.
2  Вырастае кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца.
3  І Ты на такога зьвяртаеш вочы Твае і вядзеш яго на суд з Сабою.
4  Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто!
5  Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсьці,
6  дык адвярні вочы Твае ад яго, няхай ён супачыне, няхай пацешыцца днём, як той найміт.
7  Бо нават дрэва мае надзею. Калі яно было сьсечанае, дык зноў адрасьце, і парасткі свае пускаць не пакіне,
8  і калі састарэе ў зямлі корань ягоны, і пень ягоны ў пяску спарахнее,
9  ад вільгаці вады яно зазелянее і пусьціць галінкі як маладая расьліна.
10  А чалавек калі памрэ, ён адыйшоў, і дзе знойдзеш яго?
11  Зьнікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна.
12  Так і чалавек, калі засьне, не прачнецца, пакуль неба ня счэзьне; ня ўстане, і зо сну свайго не прачнецца.
13  О, каб Ты схаваў мяне ў адхлані і захаваў мяне, пакуль не міне ярасьць Твая, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш.
14  Ці памёршы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні службы маёй я чакаю, калі прыйдзе замена мая.
15  Ты паклічаш, і я адкажу Табе, Ты засумуеш за творам рук Тваіх.
16  Бо Ты палічыш нават крокі мае, і будзеш ласкавы адносна грахоў маіх.
17  Ты запячатаеш, як у мяшку, злачынствы мае, і выбеліш правіны мае.
18  Але як гара, падаючы, развальваецца, і як скала зыхо­дзіць з месца свайго,
19  і як вада сьцірае камень, і як плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку.
20  Ты сьціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасьць, зьмяняеш аблічча ягонае і адсылаеш яго.
21  Ці ў славе жывуць дзеці ягоныя, ён ня ведае, ці ў ганьбе, ён не разумее.
22  Адчувае ён боль цела свайго, і душа ягоная ў ім самім ные».