Ёў 16
1  І адказаў Ёў, і сказаў:
2  «Часта я чуў такія рэчы! Усе вы — марныя пацяшыцелі.
3  Ня маюць канца пустыя словы, і што змусіла цябе так адказваць?
4  І я падобна як вы гаварыў бы, калі б было ў душы вашай тое, што ў маёй. І вёў бы я пра вас гаворку, і ківаў бы на вас галавой сваёй,
5  і падбадзёрваў бы вас вуснамі сваімі, і ня стрымліваў бы губы свае.
6  Калі буду гаварыць, не суцішу болю майго, і калі замаўчу, не адыйдзе ён ад мяне.
7  Цяпер замучыў мяне боль мой, спустошыў усю грамаду маю.
8  Зморшчкі мае сьведчаць супраць мяне, паўстае слабасьць мая супраць мяне, дакараючы мяне.
9  Гнеў ягоны разрывае і б’е мяне, скрыгоча зубамі сваімі на мяне. Вораг мой утаропіў вочы свае на мяне.
10  Яны разьзявілі на мяне пашчы свае, і, лаючыся, б’юць мяне па твары, і зьбіраюцца ра­зам супраць мяне.
11  Аддаў мяне Бог злачынцы, у рукі ліхадзеяў выдаў мяне.
12  Я быў спакойны, але Ён устрос мяне, схапіў мяне за шыю і раструшчыў мяне, і зрабіў мяне як цэль для Сябе.
13  Акружылі мяне лучнікі Ягоныя, Ён разрывае ныркі мае і, не шкадуючы, жоўць маю выліў на зямлю.
14  Ён робіць у-ва мне вылом за выломам, бяжыць на мяне, як волат.
15  Зрэбніцу апрануў я на скуру маю і схіліў да зямлі галаву маю.
16  Твар мой пачырванеў ад плачу, вочы мае агарнуў цень сьмяротны,
17  хоць рукі мае ня сквапныя, і чыстая малітва мая.
18  О, зямля! Не закрый крыві маёй, і няхай лямант мой не замаўчыць у табе.
19  Бо вось, цяпер у небе Сьведка мой, і Заступнік мой — на вышынях.
20  Насьміхаюцца нада мною бліжнія мае, да Бога ліе сьлёзы вока маё.
21  О, каб чалавек мог судзіцца з Богам, як судзіцца сын чалавечы з бліжнім сваім,
22  бо мінуць палічаныя гады, і я пайду шляхам, з якога няма вяртаньня.