Ёў 38
1  І адказаў ГОСПАД з віхуры, і сказаў:
2  «Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задумы Мае?
3  Падперажы, як мужчына, паясьніцу тваю, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.
4  Дзе ты быў, калі Я закладваў падваліны зямлі? Адкажы Мне, калі маеш веды?
5  Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?
6  На чым замацаваны падваліны яе? Або хто залажыў кутні камень яе,
7  калі гаманілі з радасьцю зоркі ранішнія, і калі радасна ўсклікалі ўсе сыны Божыя?
8  Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, [нібы] з улоньня выходзіла;
9  калі апранаў у хмары яго, і ў імглу, як у пялёнкі, спавіваў?
10  Я паставіў мору межы ейныя, і паставіў загарадкі і брамы,
11  і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут спыніш узбураныя хвалі твае”.
12  Ці ты загадваў у дні твае сьвітаньню і ці вызначаў зараніцы месца яе,
13  каб ахапіла яна канцы зямлі, і каб вынішчаны былі на ёй бязбожнікі,
14  каб [зямля] зьмянілася як гліна пад пячаткай, і сталася, як адзеньне каляровае,
15  каб забранае было ад бязбожных сьвятло іхняе і зламанае рамяно ўзьнесенае?
16  Ці ты даходзіў да крыніцаў мора, і ці ты хадзіў па дне бяздоньня?
17  Ці адкрытыя былі табе брамы сьмерці, і ці бачыў ты дзьверы цемры сьмяротнай?
18  Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё гэта.
19  Пры якой дарозе жыве сьвятло, і дзе месца цемры,
20  каб завесьці яе да межаў ейных, і ведаць сьцежкі да дому яе?
21  Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі!
22  Ці ты даходзіў да сховішча сьнегу і ці бачыў сховішча граду,
23  які Я падрыхтаваў на час гора і на дзень бою і вайны?
24  Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разыходзіцца вецер палючы па зямлі?
25  Хто вызначыў пратоку для навальніцы і шляхі для маланкі і грымотаў,
26  каб ліў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма ніводнага чалавека,
27  каб насыціць [вадою] пустыню і пушчу, і каб вырасьціць траву [на засохлай зямлі]?
28  Хто ёсьць бацькам дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?
29  З чыйго нутра выйшаў лёд, і хто родзіць шэраш на небе?
30  Як камень вада цьвярдзее, і аблічча бяздоньня замярзае.
31  Ці ты можаш зьвязаць зьвязы Стажар’я, і ці можаш разьвязаць вузел Касцоў?
32  Ці ты выведзеш зорку ранішнюю ў свой час, і ці Воз з сынамі ягонымі накіруеш?
33  Ці ты ведаеш законы неба, і ці можаш напісаць іх на зямлі?
34  Ці можаш падняць голас твой да аблокаў і хвалямі вады накрыць сябе?
35  Ці можаш паслаць бліскавіцы, і ці пойдуць яны, і ці скажуць табе: “Вось мы!”
36  Хто ўлажыў у нутро ібіса мудрасьць, і хто пеўню даў розум?
37  Хто мудрасьцю лічыць хмары, і хто можа нахіліць начыньні нябесныя,
38  калі пыл цьвярдзее ў камяні, замяняецца ў груды?
39  Ці ты для ільвіцы наловіш здабычы, і голад ільвянятаў задаволіш,
40  калі яны вылежваюцца ў логвах сваіх, або ў гушчары цікуюць?
41  Хто гатуе крумкачу страву ягоную, калі дзеці ягоныя клічуць да Бога і блукаюць бяз ежы?