Мц 20
Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы,
і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае.
А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы?
Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
10 Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары.
11 І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12 і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку.
13 А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?
14 вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15 хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры?
16 Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
17 І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:
18 вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;
19 і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
20 Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго.
21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.
22 Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам.
23 І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
24 Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў.
25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі.
26 Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою;
27 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом;
28 бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
29 І калі выходзілі яны зь Ерыхона, за Ім сьледам ішло мноства людзей.
30 І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
31 А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
32 Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
34 Ісус жа, умілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.