Мц 26
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
10 Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
11 бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
12 бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
14 Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
15 і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
18 Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
20 Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
23 А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
24 зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
25 У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
26 А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
27 І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
29 Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
30 І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
31 Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
32 А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
34 Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
35 Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
36 Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
38 Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
39 І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
40 І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
41 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
43 І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
50 Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
51 І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
52 Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;
53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
54 як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
55 У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57 А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58 А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
59 Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
61 і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
62 І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
63 А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64 Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
65 Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках
68 і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
73 Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.