Выс 15
Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.
Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.
У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад.
Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.
Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
10 Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
11 Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
12 Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
13 Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
15 Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
16 Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
17 Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
18 Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
19 Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.
20 Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.
21 Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
22 Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
23 Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
24 Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
25 Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
26 Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.
27 Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
28 Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
29 Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
30 Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства,
31 Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32 Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.
33 Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.