Выс 18
Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.
Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.
З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.
Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.
Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.
Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.
Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную.
Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.
Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы.
10 Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.
11 Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.
12 Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.
13 Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.
14 Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго.
15 Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.
16 Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.
17 Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.
18 Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.
19 Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.
20 Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.
21 Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.
22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.
23 З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.
24 Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.