Пс 16
1  Залатая песьня Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я ў Табе маю надзею.
2  Кажу я да ГОСПАДА: «Ты — Госпад мой; добрасьць мая нішто перад Табою».
3  Да сьвятых, якія на зямлі, і да слаўных [Тваіх], да іх усё імкненьне маё.
4  Памножацца прыкрасьці ў тых, якія сьпяшаюцца за [богам] чужым; я ня буду выліваць ахвяры іхняй крывавай, ані імёнаў іхніх ня буду браць у вусны мае.
5  ГОСПАД — частка долі маёй і келіху [майго]; Ты трымаеш лёс мой.
6  [Меральныя] шнуры мае прайшлі ў цудоўных [мясьцінах], і спадчына прыемная для мяне.
7  Буду дабраслаўляць ГОСПАДА, Які радзіць мне, і ўначы ўшчуваюць мяне ныркі мае.
8  Маю я ГОСПАДА перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся.
9  Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё і радуецца слава мая, нават цела маё супачыне бясьпечна,
10  бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
11  Ты дасі мне ведаць шлях жыцьця; перад абліччам Тваім поўня радасьці, праваруч Цябе — раскоша заўсёды.