Пс 19
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных.
Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне.
Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іхні.
Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца,
і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю.
Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю ягонага, і нішто не схаваецца ад гарачыні ягонай.
Закон ГОСПАДА беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага.
Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДА яснае, яно прасьвятляе вочы.
10  Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДА праўдзівыя, а таксама справядлівыя.
11  Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы.
12  І слуга Твой праз іх будзе навучаны. Хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую.
13  Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] вызвалі мяне!
14  І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую.
15  Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой!