Пс 2
1  Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае?
2  Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага:
3  «Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!»
4  Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх.
5  І скажа да іх у гневе Сваім, і ў ярасьці Сваёй напужае іх:
6  «Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!»
7  Я абвяшчу пастанову: «ГОСПАД сказаў да Мяне: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе!
8  Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе.
9  Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”».
10  Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі!
11  Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.
12  Ушануйце Сына, каб не разгневаўся і каб ня зьнішчыў шляху [вашага], бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею.