Пс 29
1  Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
2  Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятасьці!
3  Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі.
4  Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны.
5  Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія,
6  і прымушае іх скакаць, быццам цялятаў, Лібан і Сірыён, як маладых аднарогаў.
7  Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню.
8  Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш.
9  Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: «Слава!»
10  Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, на вякі!
11  ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем.