Пс 6
1  Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах, на актаву. Псальм Давіда.
2  ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!
3  Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я нядужы; аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, бо трымцяць косткі мае,
4  і душа мая трымціць вельмі. О, ГОСПАДЗЕ, дакуль?
5  Павярніся, ГОСПАДЗЕ, выратуй душу маю, збаў мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!
6  Бо ў сьмерці няма памяці пра Цябе, і ў пекле хто будзе славіць Цябе?
7  Я зьнямогся ад уздыханьня майго; штоноч паліваю я ложак мой, сьлязьмі паліваю пасьцель маю.
8  Ад тугі высахла вока маё, састарэлася праз усіх, хто ўціскае мяне.
9  Адступіцеся ад мяне, усе злачынцы, бо ГОСПАД пачуў голас плачу майго.
10  ГОСПАД пачуў маленьне маё, ГОСПАД прыняў малітву маю.
11  Няхай будуць асаромленыя ворагі мае і няхай затрымцяць моцна, няхай павернуцца назад і будуць імгненна асаромленыя.