Пс 95
1  Хадземце, будзем радавацца ў ГОСПАДЗЕ, усклікаць Скале збаўленьня нашага!
2  Станьма перад абліччам Ягоным з падзякаю, гімны ўсклікайма Яму!
3  Бо ГОСПАД ёсьць Бог вялікі і Валадар вялікі над усімі багамі.
4  У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і Ягоныя вяршыні найвышэйшыя гор.
5  Ягонае мора, бо Ён яго ўчыніў, і сухазем’е рукі Ягоныя ўкшталтавалі.
6  Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, укленчым перад абліччам ГОСПАДА, Творцы нашага!
7  Бо Ён — Бог наш, а мы — народ чарады Ягонай і авечкі рукі Ягонай. Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны:
8  «Не рабіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у Мэрыве, як у дзень выпрабаваньня ў пустыні,
9  дзе бацькі вашыя выпрабоўвалі Мяне, спакушалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае!
10  Сорак гадоў Я брыдзіўся пакаленьнем гэтым, і Я сказаў: “Яны — народ, што блукаецца сэрцам, і яны не спазналі шляхоў Маіх”.
11  Дык Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у супачынак Мой».