1 Лет 16
1  І прынесьлі Каўчэг Божы, і паставілі яго ў сярэдзіне Намёту, які Давід падрыхтаваў для яго, і склалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам Божым.
2  І скончыў Давід паліць цэласпаленьні і ахвяры мірныя, і дабраславіў народ у імя ГОСПАДА.
3  І раздаў усім Ізраільцянам, як мужчынам, так і жанчынам, кожнаму па бохану хлеба, і па кавалку мяса, і па кілішку віна.
4  І паставіў на службу перад Каўчэгам ГОСПАДА на служэньне лявітаў, каб нагадвалі [пра Яго], славілі і хвалілі ГОСПАДА, Бога Ізраіля:
5  Асаф — галоўны, і намесьнік ягоны Захарыя, Еіэль, Шэмірамот, Ехіэль, Матытыя, Эліяў, Баная, Абэд-Эдом і Еіэль з псалтырам і гусьлямі, Асаф — на цымбалах гучных,
6  Бэная і Яхазіэль, сьвятары — заўсёды [трубіць] у трубы перад Каўчэгам Запавету Божага.
7  У той дзень Давід упершыню загадаў славіць ГОСПАДА Асафу і братам ягоным:
8  «Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае, паведамляйце між народамі дзеі Ягоныя!
9  Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго, размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя.
10  Хваліцеся імем Ягоным сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.
11  Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды.
12  Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных.
13  Насеньне Ізраіля, слугі Ягоныя, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!
14  Ён — ГОСПАД, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
15  Ён памятае на вякі Запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,
16  якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.
17  Ён паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — запавет вечны,
18  кажучы: “Табе Я дам зямлю Ханаан, [пракладу] шнур спадчыны вашай”.
19  Калі было ў вас людзей мала на лік, вельмі мала і [вы былі] чужынцы ў ёй,
20  і пераходзілі ад народу да народу, і ад [аднаго] валадарства да іншага народу,
21  Ён не дазволіў нікому прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў:
22  [кажучы]: “Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!”
23  Сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля, дабравесьціце з дня на дзень збаўленьне Ягонае.
24  Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
25  Бо вялікі ГОСПАД і годны хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў.
26  Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы ўчыніў.
27  Слава і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — на месцы Ягоным.
28  Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц.
29  Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага. Прынясіце дары і ідзіце перад аблічча Ягонае. Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні.
30  Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля. Ён сусьвет умацаваў, не пахісьнецца.
31  Няхай узрадуюцца нябёсы, няхай узьвесяліцца зямля, і няхай скажуць між народамі: “ГОСПАД валадарыць!”
32  Няхай мора гудзе і тое, што ў ім, няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім.
33  Тады будуць усклікаць дрэвы лясныя перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
34  Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
35  І кажыце: “Збаў нас, Божа збаўленьня нашага! І зьбяры нас, і выбаў нас ад паганаў, каб мы маглі славіць імя Тваё сьвятое і хваліліся славай Тваёй!”
36  Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і аж на вякі!» І сказаў увесь народ: «Амэн!», і славіў ГОСПАДА.
37  І [Давід] пакінуў там, перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад Каўчэгам заўсёды, паводле патрэбы кожнага дня,
38  і Абэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем; а Абэд-Эдома, сына Едутуна, і Хосу прыдзьвернікамі,
39  а Цадока, сьвятара, і братоў ягоных, сьвятароў — перад Сялібай ГОСПАДА, на ўзгорку, які ў Гібэоне,
40  каб складалі цэласпаленьні ГОСПАДУ на ахвярніку цэласпаленьня заўсёды, раніцаю і ўвечары, паводле ўсіх пастановаў Закону ГОСПАДА, які Ён загадаў Ізраілю.
41  І з імі Гэмана і Едутуна і іншых выбраных, якія прызначаныя па імёнах, каб славіць ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
42  Пры іх Гэман і Едутун з трубамі і цымбаламі, каб граць, і з інструмэнтамі для сьпеваў Божых; а сыны Едутуна — пры браме.
43  І адыйшоў увесь народ, кожны ў дом свой, і вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой.