Адкр 14
І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.
І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:
яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.
Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,
і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.
І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;
і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.
І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.
І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,
10 той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;
11 і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.
12 Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.
13 І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі - мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.
14 І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.
15 І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.
16 Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.
17 І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.
18 І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.
19 І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.
20 І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.